Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гучны кліч твой, як водбліск зарніцы,
Адгалоскам жывучым разлёг…

Кургану не пяяліся песні.
Кім насыпаны, хто там ляжыць,—
У зямлі спачываць ім не цесна,
Не гнятуць іх гнілыя крыжы.

Ты вярбою шумеў пры дарозе,
Голлем вабячы неба блакіт,
Да тых гоней хіліўся бярозай,
Дзе прастор быў крывёю заліт.

Шмат разоў ты у полымі жыцця
Захліпнуцца збіраўся без слёз,
Калі вецер пажоўклае лісце
Па загонах спустошаных нёс.

І на хвалях вады ружаватай
Човен твой пераплыў ужо мель.
Разагнаў ты штандарам узнятым
Над балотам туманную бель.

1922


Тут учора бура выла нам.
Вецер-чмут гайсаў з кутка ў куток,—
Стары бор з карэннем выламан,
Сумны шум яго навекі змоўк.

Заіскрыла сонца — вір агню…
Буралом спаліла з голлямі!..
Зніклі хмары… і пад чырванню
Ўсе прасторы сталі голымі.

А сягоння — чутны водгукі:
— Нам расці — дык мала дня!
Толькі тут узняцца мог такі
Волат лес — наш Маладняк.