Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Эх і цяжка касцам… рукі, плечы баляць…
Хмара гляне з-за лесу, як дым, —
Граблі ў рукі — сухое зграбаць!..
Ў касавіцу спачынак не ім.

І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе,
Як мурашнік, кішыць сенажаць…
Сонца сядзе за лес… Ночка вось балазе, —
Йдзе да хаты працоўная раць.

Жарты… песні чуваць удалой грамады,
Рогат звонкі хлапцоў і дзяўчат…
Эх, мінулі няволі спрадвечнай гады,
І ад працы не плача наш брат!

1921



Гудзе звон… Мільёны мазолістых рук
Б’юць жалезам аб бераг мядзяны,
І клічам магутным разносіцца гук,—
Заве да жыцця!
Грамадзяне:
Рвіце ўсе адвечнай няволі ланцуг,
На кліч звона ідзі, хто не скуты!
Будзеш ты ўладар, будзеш — бог,
Калі пройдзеш ты шлях — шлях пакуты.
Не ў прыгожым убранні йдзеце туды,
Калі гнуцца пад крыжам калені,
Кроўю змочаны будуць вашы сляды.
Не памогуць паклоны, маленне.
Звон гудзе… Будзе доўга і моцна гудзець,
Пакуль скрыўджаны брат не паўстане,
Хутчэй сонца свяціць перастане,
Чым пра волю пакіне ён пець.
Чуе свет… усіх будзіць гулкі наш звон…
Размахні і удар не паволі!
Мацней загудзе… запяе ён «дзін-бом!..»
Чуеш! чуеш, сын вечнай няволі?!
Вораг плача… шчыра як моліцца ён,
Ветрам страшным пад звон завывае…