бліскучымі крыллямі мітусілася ў сонцам залітай высі…
Грамада доўга не магла разысціся… Пазірала ў бяздонную сінь і махала летунам шапкамі…
Гукі самалёта пачалі аддаляцца… Грамада стала расходзіцца, зачарованая дзіўным сном-казкаю незнаёмых людзей.
— А якія яны прыгожыя, гэтыя летуны, зусім не падобны да нашых распапузлых хлапцоў,— гаманілі паміж сабою дзяўчаты,— іх пекны белы твар і поўныя агню вочы доўга будуць бачыцца нам у сне…
— Я з імі не спалохалася б не толькі балота праляцець,— дадала другая прыгожанькая дзяўчына,— а ўзнялася б за самыя хмары, паляцела б, куды яны толькі захацелі.
І зноў пачалі бегчы дні за днямі… Але гэтыя дні не былі падобны да мінулых дзён. Самалёт парушыў спакойнае жыццё венцяроўцаў. Як бы залом хто заламаў над іх адвеку спячым востравам з таго дня, калі ў іх былі людзі-летуны.
Загарэлася праца. Пачалі будаваць дарогу праз балота. Старыя працівіліся, але моладзь не ўтаймавалася, пакуль не ўзяла верх… Яна, не пакладаючы рук, майстравала грэблю, каб як найхутчэй па гэтай дарозе дайшло да іх тое новае прыгожае жыццё, аб якім апавядалі людзі-летуны.
У галаве венцяроўцаў зрабіўся нейкі пераварот… Яны пачалі адчуваць сябе інакш, як раней. Яны адчувалі нейкае незадавальненне жыццём, але не ведалі, чым і як яго палепшыць…
Пачалася несупынная ўпартая барацьба моладзі са старымі, якія, гледзячы на ўсё, што рабіла моладзь, уздыхалі і гаварылі:
— Чуем, што напаўзае на нашу вёску цёмная хмара… Быць неспакою… Не ў добры час праляцела птушка-самалёт над нашымі сялібамі… Хутка ў гняздо наша ястраб прыляціць і не жыць больш венцяроўцам тым жыццём, якім дзяды ды прадзеды жылі… А моладзь не дрэмле. Новы дзень — і што-небудзь новае прыносіць венцяроўцам…
Штоноч сніцца венцяроўцам самалёт… Здаецца, не ходзяць яны па размытай грэблі ды балоце, а на самалёце птушкай крылатай носяцца.