Венцяроўцы пачалі сходзіцца ў адну грамаду. Над іх вёскай першы раз пралятае гэта невядомае страшыдла, маючае сілу ўзняцца да нябёс…
Сяляне маўчалі і з заміраннем сэрца сачылі за птушкай, чакаючы, што вось-вось яна апусціцца на іх загоны…
— Нічога страшнага,— казаў малады хлапец Хведар, які год таму назад вярнуўся дамоў, адзін за ўсю вёску адслужыўшы вайсковую службу,— гэта самалёт, такі струмант, што сам лятае, а ў ім сядзяць людзі…
Усіх ахапіла цікавасць… Хацелася бліжэй пабачыць гэту нябачаную штуку-самалёт.
Зусім ужо нізка кружыцца самалёт, гудзе, рэжа крыллямі паветра і проста мерыцца апусціцца на грамаду, якая сабралася на прасторным папары за вёскаю.
— Ён падае на зямлю! — крычалі маладыя хлопцы.— Можа, сапсаваўся, а можа, вестку цікавую прывёз да нас.
— А можа, хоча каго-небудзь ухапіць,— сказаў другі хлапец, пазіраючы на дзяўчат,— уцякайма, пакуль яшчэ кружыцца ўгары…
— Кіньце жартаваць, падшыванцы,— крыкнуў стары Пракоп ды, скінуўшы шапку і выняўшы з зубоў люльку, стаў пазіраць на самалёт, які то апускаўся аж да комінаў хат, то зноў уздымаўся высока-высока…
Грамада ўвесь час спрачалася паміж сабою, тлумачачы на ўсе лады, што ўсё гэта значыць… Перапалох пачаў праходзіць.
Раптам самалёт з непамернай вышыні вопрамеццю пачаў падаць на зямлю, робячы розныя выкрутасы то ўлева, то ўправа…
Некалькі чалавек кінулася ўцякаць у вёску… Уся грамада разбеглася… Маладыя хлапчукі прыляглі пад мяжою і, як зайцы, баяліся выткнуць вушы.
Самалёт апусціўся на чыстай і гладкай угарцованай авечкамі палосцы, непадалёку, дзе толькі што стаяла грамада.
Два чалавекі вылезлі з самалёта і махалі на сялян шапкамі, каб ішлі да іх…
Ніхто першым не адважваўся…
— Ды што яны — звяры, што мы іх баімся,— гаварылі сяляне, збіраючыся зноў у грамаду.— Гэй вы, моладзь,