Перайсці да зместу

Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вёска Венцяры была тым глухім кутком, які толькі можа спаткацца паміж абшараў беларускіх лясоў ды балот.

Венцяроўцы жылі ціха і супакойна праз шмат дзясяткаў гадоў… Нішто не парушала іх ідылію… Ды што магло парушыць іх жыццё, калі вёска была недаступнай ні для нагі, ні для вока чалавечага.

Вёска стаяла паміж балота, паросшага густою лазою і алешнікам. Паводдаль жа, як нарачна, яе абвівала рэчка Пціч… Хаты з саламянымі і чаротавымі стрэхамі стаялі на расцярэбленай палянцы, як на востраве… Гэтай палянкі зусім даволі было, каб засеяць збожжа ды бульбы і гэтым пракарміцца да новага ўраджаю.

Апрача таго, венцяроўцы лавілі шмат рыбы, білі розную звярыну, птушак і жылі прыпяваючы…

Мінула вайна, адбылася рэвалюцыя, а венцяроўцы жывуць, як і даўней… Ні за час вайны, ні за час рэвалюцыйнай барацьбы ні адна вайсковая часць не прайшла праз іх вёску… Вось толькі, як скінулі цара, то з воласці прыехаў нейкі чалавек і загадаў усім зніштожыць царскія партрэты… Але ніводнага партрэта ў вёсцы не было, так што сяляне доўга не маглі вырашыць, як ім выпаўніць гэты загад. А далей зноў пайшло, як і раней.

Летам ніхто не заглядваў у гэты глухі куток… Ды як жа можна папасці ў Венцяры? Або на лодцы пераехаць, а пасля мясіць па гразі, або пешкам прайсці старою грэбляю, якую штогод у вясновае разводдзе гэтак размывала, што сяляне перасталі больш і папраўляць яе.

Не любілі венцяроўцы зімы. Тады шмат часцей да іх даведваліся чужыя людзі. Едучы па сена ці па дровы, суседняй вёскі мужыкі заязджаюць у Венцяры, каб купіць сухой рыбы або лапцей лазовых…

Але з’явіліся новыя грошы, і ўсякія гандлёвыя зносіны з суседнімі вёскамі спыніліся. Венцяроўцы адмовіліся іх браць… Можна было толькі абменным спосабам што-небудзь у іх выманіць.

Мала ішло венцяроўцаў і ў войска як пры цару, таксама і ў часе свабоды. Раней яны былі ў воласці на