Перайсці да зместу

Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось тут… Я калісь…

Але крык людзей і скрып калёс вывелі яго з задуменнасці… Ён азірнуўся і пабачыў, што сячане вязуць бярвенне з яго бору.

— Стойце! — крыкнуў ён нечалавечым голасам.— Спалілі, зруйнавалі!.. А цяпер яшчэ… Эх вы, зладзеі!..

Не паспеў ён аглянуцца, як магутная рука Яўхіма абхапіла яго шыю…

— Дык ты яшчэ жыў? Сабака паганы!

— Не душы, не трэба рук мараць! — загаманілі мужчыны.

— Каб гэтак я свайго злавіў пана — тут бы з яго і дух вон. А ты… не стоіш таго, каб Яўхім цябе… Нікому не скажаш?

— Не…— прашаптаў Ліпніцкі і чуць-чуць пачаў дыхаць.

Сячане абкружылі Ліпніцкага і сталі трымаць раду, што з ім рабіць…

— Шкада,— сказаў аднавокі Кузьма,— паўцякалі нашы хлопцы. Яны б ведалі, які суд над ім учыніць… Вось Андрэй бы Драчун быў, якога ты прадаў калісь, помніш?

— А ён… вярнуўся? — дрыжачым голасам запы-таў Ліпніцкі.

— Га! — падхапіў Яўхім.— Ты думаў, што яго загубіў? Такія, як ён, не гэтак хутка гінуць… не гэтак лёгка… а вось ты тут жа павінен знайсці сваю сабачую смерць…

— Пусціце… бярыце і сячыце!

— Ды не за гэта, а за тое, што чалавека прадаў…

— Даруйце… Я вінен у тым…

— Годзе! — угаворвалі мужчыны Яўхіма.— Ён сам сабе галаву хутка зверне, навошта мараць рукі…

— Жыві, паганае стварэнне, ды глядзі, каб аб гэтым спатканні, апроч нас ды гэтай Пасекі, ніхто не ведаў…

Ліпніцкі пабажыўся, што нікому не данясе…

Праз тыдзень сячане даведаліся, што ў Даўгабродскім лесе Ліпніцкага знайшлі павешаным…

— Сабаку — сабачая смерць,— сказаў Яўхім,— яшчэ на другую галіну Манішэўскага трэба было павесіць…

Сячане захадзілі каля Пасек.