— Не браць! — загукаў, прыбегшы туды, Андрэй, — калі загарэлася, няхай усё гарыць, каб духу панскага не асталося…
А праз паўгадзіны яшчэ святлей стала на Пасеках… Загарэўся маёнтак Манішэўскага…
Частка людзей пабегла туды… Аканом Манішэўскага, які не паспеў уцячы разам з панам, бегаў на дзядзінцы і прасіў, каб затушыць…
— Цябе яшчэ туды ўкінуць, — закрычаў здаравенны парабак Яўхім, — хай згарыць гэта паганае гняздо, каб не было куды варочацца звярам-кравапіўцам… Мы там не жылі…
— Мы сабе лепшыя пабудуем, якія не будуць успамінаць аб мінулым.
Толькі панскія падлізнікі бегалі наўкола палаючага пакоя і шапталі пацеры…
Стары Ахрэм, які трыццаць пяць год праслужыў пастухом у гэтым маёнтку, выйшаў з пякарні і пазіраў на вогненную стыхію, якая штораз, то ўсё хутчэй і шчырэй несла дымам ахвяру да неба, каб скупіць прад чалавецтвам усе тыя здзекі і ўчынкі, якія ўтвараліся ў гэтых пакоях…
— І там светла, — сказаў Ахрэм, пазіраючы на Пасекі, — і новае гняздо дымам нясецца ўгору…
— Не шкада табе, Ахрэм, што гэткія пакоі і ўсё дабро ў іх нішчыцца? — падышоўшы, запытаў яго Яўхім…
Ахрэм доўга маўчаў, а пасля адказаў:
— Не. Хоць гэта ўсё і наша, але не шкада…
І здавалася, што ўся зямля хутка загарыцца, а неба ўтопіцца ў чырвоным водбліску пажару.
На Пасеках пагарэла ўсё.
Парабкі і дзяўчаты разышліся хто куды папала. Ліпніцкі быў арыштован, але пасля немаведама дзе загінуў…
Сяляне захадзілі каля Пасек…
Той, хто прадаў, і той, хто купіў — абодва загінулі… Усё ж такі наша — нам…
…А прайшло некалькі тыдняў. Ліпніцкі як з зямлі вырас. Ён зноў з’явіўся разам з находам немцаў.
Усё было зруйнавана… Толькі абгарэлыя шуллі стаялі, як тыя вартаўнікі размытага дажджом вогнішча…