— Але, сёння прыйшоў на тры месяцы на пабыўку…
— Гэта ты — Андрэй Халімонаў Драчун?
— Я.
— Ты арыштован!
Усе, разявіўшы раты, застылі.
— Гэй, вы,— загукаў ураднік,— зараз жа зрабіць вобыск.
Два стражнікі сталі каля дзвярэй, а два прыняліся шукаць…
— Што вам трэба? — супакойна запытаў Андрэй.
— Мы ведаем, што нам трэба! — крыкнуў ураднік.— Толькі нікога не выпускаць — усіх абшукаем…
Мужыкі пачалі шаптацца. Ніхто не ведаў, чаго шукаюць. Жонка Андрэя і двое малых дзяцей пачалі плакаць.
— Вось як ты з вераю і праўдаю служыш цару? — гаварыў ураднік, сочачы за вобыскам…
— Даволі таго, што вы, сабакі подлыя, верна яму служыце…
— Ага,— заскрыпеў зубамі ўраднік,— значыць, праўда…
— Ну, дык не шукайце, здраднікі людскія, я сам вам аддам,— і пры гэтых словах Андрэй дастаў свой паходны мяшок і выцягнуў адтуль жмут папер…
— Вось, задушыцеся імі…
— Няўжо ж, як Бутрыма, за кніжкі…— пачалі шаптацца мужыкі…
— Больш няма? — перадаючы стражніку паперы, пытаў ураднік.
— О, не бойся, ёсць столькі, што ўсе вы, царскія найміты, не сабераце…
Праз некалькі хвілін Андрэй, акружаны стражнікамі, выходзіў з хаты. Жонка залівалася горкімі слязьмі… Бабы і мужыкі таксама пачалі плакаць.
— Ненадоўга,— сказаў Андрэй,— хутка пабачымся… А я пайду вам Пасекі адваёўваць… Глядзіце жонкі… дзяцей…
Асенняя чорная ноч пацямнела, калі Андрэй выйшаў на вуліцу… Мужыкі пачалі разыходзіцца, а бабы супакойвалі жонку Андрэя, якая кінулася на пасцель і залілася, як морам, слязьмі.