Ліпніцкі, буркаючы нешта сабе пад нос, завярнуў у бок Пасекаў і пачаў паганяць каня…
— Глядзіце, глядзіце! — крычалі малыя хлопцы,— то ж Андрэй Драчун едзе…
— Ах ты, ваяка!.. Ну, як здароў?
— Што, зусім ужо?
— На папраўку,— загаварыў весела Андрэй і пачаў цалавацца з усімі па парадку…
— Ай, ды стары ты стаў…
— А жонка, жонка як будзе рада! — гаварылі, вітаючыся з ім, бабы…
— Ну, а Пасекі як? — было яго першае запытанне…
— Ды вось толькі што Ліпніцкі тут быў, атаву яго паелі вясковыя коні…
— Гэ, Андрэйка, не бачыць нам Пасекаў, як сваіх вушэй… Гэткія палацы пабудаваў,— куды там!.. А Манішэўскі некуды ўцёк, калі пачало тут войска станавіцца…
Вечарам у Драчуновай хаце была чуць не ўся вёска…
— Не бойцеся, сюды немец не прыйдзе… Хутка яму капут…
— Я чуў,— казаў канцавы Міхалка,— што нібыта вясною замірэнне будзе?
— Можа, і будзе, але ненадоўга… Не з немцамі будзем ваяваць, дык з кім-небудзь…
— Няўжо ж з пранцузам? — запытала Тэкля, якая прыйшла да Андрэя, каб пісьмо сыну напісаць.
— А калі самі з сабой? — адказаў Андрэй…
— Ну, гэта не вайна,— смяяліся сяляне,— гэта так сабе… бойка… у гэткую вайну і мы можам пайсці… Толькі з кім нам біцца?
— Хіба з Ліпніцкім,— гукнуў нехта з грамады…
— Во, праўду сказаў… Але што ж яго нам біць: ён адзін, а нас вунь колькі!..
Раптам праскрыпелі дзверы…
— Гэта што за сход? — і ўраднік, бразгаючы шпорамі, пачаў праціскацца да стала… Усе змоўклі і пачалі скідаць шапкі…
— Тут чыя хата?
— Мая,— адказаў Драчун…
— Вайсковы?