паганага «шэршня» выкуру з Пасекі,— сказаў Драчун, пакідаючы вёску…
А Ліпніцкі, купіўшы Пасекі, зараз жа стаў абжывацца… Пачаў строіць новыя будынкі, карчаваць поле, дакупіў да Пасек яшчэ дваццаць дзесяцін, каля рэчкі, сенажаці… Праз два з палавінаю гады ён чужымі рукамі выстраіў гэткі маёнтачак, што яму нават пазайздросціў і сам Манішэўскі…
Фронт што раз то ўсё сунуўся бліжэй і бліжэй… Сячанцы апускалі рукі… А Ліпніцкі і вухам не вёў, а рыхтаваўся жыць тут цэлую вечнасць…
— Бач,— гаманілі сячанцы,— Ліпніцкі, мусіць, і паміраць не думае? Глядзі, які за гэткі час палац пабудаваў…
— Нічога,— адказаў адзін з сялян,— вайна спаліць усе яго палацы… Толькі шкада, што гэта праца такіх жа самых гаротнікаў, як і мы… А яго што? Грошы, якія… таксама чужым мазалём здабыты…
Але вось войска пачало капаць зямлянкі і на Пасеках… Тады толькі Ліпніцкі ўбачыў, што не ўсюды ціха… Хацеў ён забараніць псаваць яму засеяныя жытам ляды, але пабачыў, што мае справу не з сячанскімі мужыкамі… А сам Манішэўскі зараз жа кудысьці выехаў, пакінуўшы ўсё дабро на аканома…
— О, пачало пячы панам,— смяяліся сячанцы,— наш пан некуды шмыгануў, а Ліпніцкі, кажуць, дзень і ноч богу моліцца, каб нашы немцаў усіх пабілі…
Не прайшло двух тыдняў, як Ліпніцкі прыляцеў у Сячанку сварыцца, што вясковыя коні атаву патравілі ля рэчкі.
— Здаецца, пан Ліпніцкі, першы раз да нас і трапіў,— падсміхваліся сячанцы…
— Не меў інтарэсу да мужыкоў,— вырвалася ў яго…
— Ну, дык і мы не хочам мець… Заварочвай аглоблі…
— Ну, а за атаву калі расквітаемся?..
— Ды ўжо тады, як і за Пасекі,— адказаў Марцін Краўчонак, які даўно вастрыў зубы на Ліпніцкага…
— Ну, пачакайце! — пагразіў ён пальцам, садзячыся ў каламажку…
— Шэршань! — пусціў нехта з грамады за ім слова…