Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, гэта яшчэ пабачым,— прашаптаў Андрэй Драчун.— А палохаць нас не вельмі…

Брычка зноў пасакатала, уздымаючы хмару пылу… Мужыкі ўсе маўчалі… Усе перанесліся ў мінулае, калі ў пятым годзе іх, па ласцы гэтага самага пана, «хрысцілі» бізунамі казакі за тое, што збунтаваліся і не пайшлі бульбу выбіраць за залатоўку ў дзень…

— Глядзі ты яго, пузаты чорт, успамінае пра Бутрыма,— першы загаварыў Драчун, якому Бутрым прыходзіўся блізкім сваяком,— знойдзецца на тваю галаву яшчэ не адзін Бутрым! Я сам табе першы жывот гэты тоўсты прапару…

Зухаваты хлапец Грышка падышоў да Драчуна і сказаў:

— Я, дзядзенька, чуць-чуць памятаю той час… Але вось, каб цяпер, то я, дальбог жа, першы… Эх, толькі вось іншыя ў нас… Ды стараста таксама, як відаць, ліжацца з панам… Сказаў бы ад усяго вобчаства: не хочам купляць і другім не дазволім.

Усе пачалі расходзіцца. Пачуліся гукі гармоніка… Грышка плюнуў, вылаяўся яшчэ раз і тады пайшоў.

Сонца закацілася за хмару… Каля старасты ўжо нікога не было, толькі нейкі зусім сівенькі дзядуля стаяў каля вушулы варот і ўціраў кулаком слёзы…

Гэта быў бацька Бутрыма…

— Успомнілі… зноў, успомнілі зладзеі… восем з палавінаю гадоў… Ах, сынок мой дарагі…

I сляза за слязою кацілася па зморшчаным твары…


II

Загрукалі гарматы…

— О, маё сэрца чула,— гаварыў пан, паціраючы рукі,— усё-такі дурняў знайшоў, а цяпер хоць трава там не расці…

Зямля на Пасеках была прададзена багатаму шляхцічу, які шмат гадоў арандаваў княжацкі маёнтак.

Сячанскія сяляне павінны былі здаць сваю пазіцыю дзеля таго, што Андрэя Драчуна і яшчэ самых галоўных заправіл вёскі забралі на вайну ў першую мабілізацыю…

— Калі не цяпер, дык як вярнуся з вайны, я гэтага