Перайсці да зместу

Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Да нядзелі ў маёнтак не паказаўся ні адзін ваколічны мужык…

— Тут нешта нядобрае,— прагаварыў пан,— раней пішчом лезлі, каб прадаў ці зямлі, ці лесу, а то сам наказаў, і ніхто не ідзе…

Зараз жа загадаў запрэгчы брычку і разам з аканомам паехаў у Сячанку…

Хлопцы і дзяўчаты гулялі прыбранымі… Каля кожных варот стаяла па некалькі мужчын… Шмат хто пакланіўся пану, які на стаенным жарабцы пракаціў па вёсцы да старасты…

— Пасекі прывёз прадаваць,— смяяліся мужчыны… Каля стараставых варот сабралася вялікая грамада. Пан выйшаў ад старасты, а за ім аканом і стараста…

— Ну, што, мужчыны?

— Нічога, пане, жывём памаленьку,— адказаў Марцін Краўчонак,— толькі вось пан скрыўдзіць надумаў…

— Што ты, Марцін? Як і чым?

— Ды Пасекі пан, здаецца, мае замеры прадаць, а гэта ж нашы надзелы…

— У сервітуце, значыцца,— падхапілі сяляне…

— Вы што? Звар’яцелі? Вашы Пасекі?..

— Ды гэтак жа і ў данай паказвае… Яшчэ ваш нябожчык бацька павінен быў…

— Ну, гэта глупства мне гародзіце… Няхай вам нябожчык і дае… Вось хочаце, дык купляйце… Для вас я танней прадам… Зямля добрая, вось толькі пні павыдзіраць…

Андрэй Драчун не мог далей маўчаць..,

— Што гэта пан надумаў?

— Як што? Пасекі прадаць…

— Хто ж іх у пана купіць?

— Не купіце вы, купіць нехта іншы…

— Па-першаму,— пачаў Драчун,— яны клінам уразаюцца ў нашы палосы, дык хто гэта туды палезе, а па-другому — мы не дазволім, каб хто і хацеў купіць… Пан, пэўна, жартуе?!

— Як гэта не дазволім? Што? Вы зноў бунтаваць? Будзеце ўсе там, дзе сядзіць Бутрым, калі вы мне слова пікнеце… Даю вам два тыдні тэрміну… Падумайце і купіце, а не — дык!..