Перайсці да зместу

Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разумным чалавекам, угаварыць мужыкоў адкупіць зразу ўсю Пасеку…

Праз паўгадзіны каля стараставага двара сабралася амаль не ўся вёска.

— Нешта нядобрае чуе пан, калі Пасекі задумаў прадаваць…

— Ды проста,— адказаў аканом,— хоча чым-небудзь здаволіць сваіх суседзяў-сялян.., Вось чаму яму і пажадана, каб усе Пасекі былі адкуплены вамі…

— О, які пан стаў добры,— вырвалася ў Андрэя Драчуна,— і аб нас, мужыках, стаў клапаціцца… Не, тут, мужчыны, нешта не тое…

— А каму ж, калі не пану, аб вас клапаціцца?

— А калі так,— загукаў Марцін Краўчонак,— дык няхай аддасць нам наша — сервітут няхай аддасць…

Усе сяляне голасна загаманілі…

— Але, але! — пачалі раздавацца галасы..,

— У нас і даная ёсць, колькі нам належыць ад Манішэўскага… Яшчэ бацька яго павінен быў павялічыць нашы надзелы, а тут сын задумаў за нашу зямлю грошы з нас дзерці… Не дамо, мужчыны, прадаваць Пасекі?.. А не, то няхай у Падгацці аддасць нашу частку ды сенажаці ў Прылуках выдзеліць…

— Не дамо! — загукалі ўсе ў адзін голас…

Аканом пабачыў, што ні аб чым не дагаворышся, сеў на каня ды гайда да маёнтка. А сяляне яшчэ доўга гаманілі паміж сабою, радзіліся, як быць, і парашылі, што не толькі самім не купляць, а і другім мужыкам не дазволіць купляць на Пасеках зямлю, пакуль пан не разлічыцца за сервітут…

Аканом, як трэ было і чакаць, аб усім далажыў пану… Пан доўга маўчаў, кусаў кончыкі вусоў, нарэшце закрычаў:

— Ну, гэта яшчэ пабачыма! Яны зноў хочуць, каб я ўспомніў ім пяты год… Мяцежнікі! А ты, Францішак, стары, але дурны… Колькі з мужыкамі жывеш, а не ўмееш да іх падысці як след… Не ведаеш, з кім справу маеш… А яшчэ шляхецкая кроў у жылах цячэ… Ідзі!..

Аканом выскачыў куляю з пакояў, а пан закурыў цыгару, сеў у крэсла і пачаў думаць…

— Гм… Вайна! Гэта нічога… Але як што іншае?..

У галаве зароіліся палахлівыя думкі… Не п’ючы вячэрняй гарбаты, ён заснуў.