Старонка:Bujla.Kurhannaja kvietka.djvu/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як я цябе люблю, — хай скажэ гэта морэ,
Што у грудзях маіх бушуе, — хай гаворэ
Аб гэтым сэрцэ, што паглёд тваіх вачэй
Сон прабудзіў яго, аж дрогнула сільней

І так забілася, як птушачка у клетцы,
Што вырвацца з грудзей хацела ўжо здаецца…
Як я цябе люблю, — хай скажэ салавей,
Што ночкамі пеяў над галавой маей;

І ночкі гэтые — бяссонные ўсе ночы, —
Што да цябе нясьлі рой дум маіх дзявочых,
Як ты далёка быў — далёка ад мяне…
Хай скажуць зорачкі ў блакітнай вышыне,

Што там, вось, як цяпер, дрыжэлі, мігаталі,
А мне здавалася, што нешта ўсё шэпталі,
А ты тагды на іх глядзеў, і з вышыны
Пагляд твой да мяне зверталі стуль яны…

Як я цябе люблю, — не скажуць толькі людзі,
Бо змогуць-жэ яны заглянуць там — у грудзі,
Убачыць сэрца глуб — агнёў каханьня морэ,
І зразумець, аб кім, бушуючы, гаворэ…