Старонка:Bujla.Kurhannaja kvietka.djvu/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ў краіне мар паднебнай далі,
Гдзе зоры сьвет ракой лілі,
Ў праменьнях сонца мы спаткалісь,
Не знаючы ешчэ зямлі.

Я помню гэтае спатканьне,
Пагляд гарачы помню твой
Ясьнейшы зоркі залатой,
Што мне ў душу уліў каханьне.

І ў божы дом шлі мы с табою —
Рука ў руку, душа з душой;
Блакіт ясьнеў над галавою,
Пад ногі ліўся сьвет ракой.

А дружкі-зоры штось пеялі
Аб шчасьці вечнаго каханьня;
З далін зямлі на прывітаньне
Нам кветкі пах свой пасылалі.

І сам нас Бог тагды зьвенчаў.
Ды ёсьць такі закон у Бога,
Што, хто цярпеньня не дазнаў,
Ня знойдзе к шчасьцю гдзе дарога.

І душы ў цела прыадзеты
К жыцьцю зямлі ён прысадзіў
І на ўвесь час той разлучыў
Каханьнем дзьве душы сагрэты…

С тых пор нам сэрцы крывёй льюцца…
Што-ж зможэ гэты боль уняць
Двух душ, што вечна к сабе рвуцца,
Ды пут ня могуць разарваць,

Пут цела, што іх тут скавалі
І разлучылі іх с сабой?…
. . . . . . .
Боль гоне сьлязу за сьлязой,
А шчасьце ціха зьяе ў далі.