Старонка:Bujla.Kurhannaja kvietka.djvu/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Скажы мне, ці калі ў чужой зямлі далёкай
Успамінаеш ты край родны, сумны свой?
Ці часта к нам адтуль ты думкамі шыбаеш,
Да нас ляціш душой?

Ці помніш Беларусь, дзядоў тваіх зямельку,
Дзе дзецтва тваяго час хутка праляцеў?…
Ці помніш дом бацькоў, за домам—сад зялёны,
Як ён тады шумеў,

Як мы с табой па ім хадзілі, ты казала:
„Пайду я у чужыну шчасьця пашукаць“,
А ён так зашумеў, якбы заплакаў з жалю,
Ці не хапеў пускаць?

А песьню родную ці помніш на чужыне,
Так сумную, як доля бедных мужыкоў?
О, колькі стогну там, жальбы душы збалелай
Пачуеш з яе слоў!

А вёскі помніш ты пакрыўленые хаты,
Ўсе зеленьню садоў прыбраны, як вянком;
Руччэй, што стужкаю опаясаў сенажаці
С песчаным берагом?…

А пес ці помніш ты на ўзгорачку за вёскай,
Што часта так у цень ад сонца нас хаваў,
І слухаў нашых дум і сьветлых мар дзявочых
І штосьці ўсё шэптаў?…

Ці помніш гэта ўсё ў чужой зямлі далёкай?
Наш цёмны, бедны край, дзе столькі ёсьць бяды,
А ўсё ж-ткі мілы нам, бо ўсё у ім тут наша…
Край гэты помніш ты?