Старонка:Beznazounae.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Забылі ўсё за катнім дзелам,
Сваіх счураліся людзей,
Што корм давалі сваім целам,
Чыю смакталі кроў з грудзей.

З пянчанай пугай на адводзе,
На лбе з пячаткаю сьвятой,
Ў чужым распасьвены гародзе,
Яшчэ гарод паганяць той.

Законы топчучы сьвятыя,
Стварыў якія чалавек,
Свае распасьвеныя шыі
Ў ярмо нясуць на сьмех і зьдзек.

Жывуць, брыдуць а дзе — ня знаюць
Сягоньня іх начлег, папас,
Адно — народ з пуцьця зьбіваюць
І ў процьму гоняць кожны час.

Дакуль-жа будзе іхня сіла
Трымаць над намі свой прыгон?
Калі ў Бацькаўшчыне мілай
Загосьціць праведны закон?

Дакуль іх будзе панаваньне,
А рабства нашае трываць
І аднімаць у нас прыстаньне
І путы вечныя каваць?