Старонка:Belarusi.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тваіх жалеек спеў гаротны
Патопча трактарнае кола,
А сейбіт твой, дасюль самотны,
Абцёршы сонцам воблік потны,
Пад крыж не пойдзе енчыць квола.

Твае трухлявыя калёсы
Аўто бензінаю спапеліць,
А твой касец проставалосы
Мазольныя паломіць косы,
Гнуць плеч не будзе ля аселіц.

Твая дзяўчына пры кудэлі
Сляпіць не будзе ясных вочак:
З жалеза прасніца надзеліць
Сукном і шоўкавым кужэлем
Сваіх сялян, сваіх рабочых.

Твае сівыя забабоны
Усмерціць радыевы гоман,
І ў тон зайграюць зорнатонны,
Забыўшы крыўды і прыгоны,
Адвечны бор, адвечны Нёман.

Лясун з русалкаю пакіне
Палохаць сонныя сялібы,
І вадзянік загіне ў ціне,
Спадзе з хаціны павуцінне,
Заскача сонца ў срэбных шыбах.

Над вежамі тваіх бажніцаў
Фабрычны комін возьме ўладу,
А звон збянтэжаных званіцаў
Гудку жывучая крыніца
Заглушыць гулкім гудам-ладам.