Старонка:Belarusi.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДАРОГІ

Дарогі вы шасейныя,
Шчаслівыя дарогі,
Істужкамі паслаліся
На нашыя разлогі.

Праз поле ўраджайнае,
Тарфяныя балоты,
Праз пушчы векавечныя
Ляглі вы пазалотай.

Ніколі вы не дрэмлеце,
Ад ранка і да ранка,
Па вас машына коціцца
І конная фурманка.

І пешаходам весела —
Малодшы ён, ці старшы,
Байцы Чырвонай арміі
Ідуць паходным маршам.

Грузавікі з таварамі
Бягуць на ўсе староны,
З лістамі віншавальнымі
Шнуруюць паштальёны.