Перайсці да зместу

Старонка:BNT.Viesnavyja piesni.djvu/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

5. Бугай раве - у поле хоча

Бугай раве - у поле хоча,
Курка сакоча - знесціся хоча,
Дзяўчына плача - замуж хоча.
Не раві, бугай, - шчэ напасешся,
Не сакачы, курка, - шчэ знясешся,
Не плач, дзеўчына, - шчэ нажывешся,
Як добра будзе, шчэ нажывешся,
Як гора імецца, то наплачэшся.

6. Вол бушуе - вясну чуе

Вол бушуе - вясну чуе.
Годзе, воле, бушаваці,
Паедземо ў поле араці.
Там травіца шаўковая
І вадзіца крынічная.
Там травіцы наешся
І вадзіцы нап'ешся.

7. Шуміць, гудзе - вясна ідзе

Шуміць, гудзе - вясна ідзе,
Шчасце й радасць людзям нясе.
У небе песня зазвінела,
Лясы, палі абудзіла.
Пралесачкі зацвіцелі
І птушачкі прыляцелі.
Вол бушуе - вясну чуе,
Дзеўка плача - замуж хоча.
Досыць, волік, бушаваці,
Яшчэ ў полі наарэшся.
Досыць, дзевачка, плакаці,
Пойдзеш замуж - нажывешся.