Старонка:BNT.Valacobnyja piesni.djvu/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

75

Валачобнічкі да й валачыліся,
[Вясна красна на ўвесь свет!][1]
Пад вакошачкі да станавіліся,
У вакошачка да пастучыліся.
Ці ты спіш, ляжыш, да і пане хазяін?
Калі ж спіш, дык спі ж, а не спіш — устань.
Устань раненька ды мыйся бяленька,
Мыйся бяленька да й богу памалісь.
Надзень боцейкі да й казловыя,
Надзень шапачку да завіваначку,
А ты і выйдзі да на новы дварок.
А што на тваём да дварку дзеецца,
А тын тынёны, а сад саджоны,
Ўсё й мяцёнае да ўсё й саджонае.
На тваім дварку, да як у вянку,
Цэркаўка стаіць да й ўсё новая,
А ў тэй цэркаўкі да прастол стаіць,
А на прастоле да госпад бог сядзець.
Госпад бог сядзіць да кнігу чытаець,
Кнігу чытаець, святы злічаець,
Катораму й святу й напярод ісці.
А йшоў напярод да й святы ізбор,
А святы ізбор — да бяжыць вада з гор,
Бяжыць вада з гор, а рыбінка з нор.
А святы ізбор да й лемяшы купіў.
Святы Яўдакеі зіму рушылі,
Святы саракі — да не йдзі па ракі.
Благавешчанне да заворваець
Вараным канём да залатой сахой,
Залатой сахой да праваю рукой.
Свята вярбіцка да ў цэркаў хадзіла,
Ў цэркаў хадзіла да вярбу свянціла.
А вялікадня — Хрыстоў дзянёчак.
Кладзі кладачка да заві ў хатачку,
Чарка гарэлкі да сыр на талеркі,
Дай божанька жыць да весяліціся,
Кароў гадаваць, дачок аддаваць,
І сады садзіць, і сыноў жаніць,
Па саду хадзіць да пчолы пладзіць,

  1. Рэфрэн паўтараецца пасля кожнага радка.