Старонка:BNT.Valacobnyja piesni.djvu/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пашоў жа ён у храм божы
Богу памаліцца, Хрысту пакланіцца.
Прышоў жа ён ды з храму божага,
А сеў жа сабе ды на покуце,
На покуце ды ў золаце.
Перад ім стаяць а ўсе столікі,
А ўсе столікі ды дубовыя,
Абрусы на іх ды бялёвыя,
Перад ім стаяць ды тры кубачкі,
Тры кубачкі залоценькія,
Налітыя і поўненькія:
А ў первым кубку — зелена віно,
А ў другім кубку — салодкі мядок,
А ў трэцім кубку — пшанічнае піва.
Зелена віно ён сам п’ець,
Ён сам п’ець і жане даець,
Саладок мядок — сваім дзетачкам.
Пане гаспадару, добры муж!
Адчыні вакно сваё краснае,
Паглядзі на двор на свой шырокі,
На тваім двару, як лістом сцелецца,
Увесь твой двор цёсам вымашчан,
Пасярод двара праявачка праявілася:
Нова цэркаўка састанавілася.
У тэй цэркаўцы ды стаіць шацёр,
Стаіць шацёр шырок, распрасцёр,
А пад тым шатром сам бог з Пятром,
Сам бог з Пятром ашахуюцца ды рахуюцца,
Катораму святому напярод быць?
Святое ражство напярод прышло,
Святое васілле на новы рок,
А на новы рок паздраўляецца,
Святое крышчэнне на ярдань ходзіць,
На ярдань ходзіць, ваду свенціць,
Святыя грамніцы свечы сукаюць,
Свечы сукаюць, на прыстаў стаўляюць,
Святы збор ляды разбіваець,
Ляды разбіваець, ваду пушчаець,
Свята вербніца вербу свяціла,
Благавешчанне лемяшы йстрыла,
Вараным канём, залатой сахой,
Залатой сахой ды правай рукой.