Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

IV.

А гзе-ж дзелася Жывая Вада?

Яна была пад зямлёю. Яна па-ціхоньку размывала зямлю, прабівала сабе дарогу на Божы сьвет. Ніхто гэтаго ня ведаў. Ня ведала і гара, што вісіць яна над бездонніцаю. А Жывая Вада чакала толькі шчасьліваго здарэньня, каб скінуць з сябе ценжар,—праклятую гару, што з шчасьліваго вугалка зрабіла «Мёртвае Поле».

— І настаў такі час, што пралітые сьлёзы перапоўнілі неба і паліліся назад на зямлю. Не ў сілах было самае неба стрымаць тые сьлёзы. Самы яны рваліся туды, гдзе радзіліся па-троху, падымаліся ўверх. Людзкая жалоба, горэ, пакута, ўсё нешчасьце зямлі, што накапляліся тысячамі гадоў, паліліся цяпер са сьлязьмі адною хвілею. Ціхая скарга грымела ў небі страшным голасам Бога і калыхала ўсю зямлю; стогны людзкіе, каторых ніхто ня чуў, блішчалі маланкамі, а сьлёзы цяклі халоднымі, чыстымі ручьямі на зямлю і ажыўлялі яе. Вада зьбіралася ў вадну рэку і дружна стала напіраць на гару.

Зрушылася гара; моц яе, каменьня, градам сыпаліся на ніз. Арлы, каршуны, крумкачы, ястрабы, совы пазляталі з гары, каб запыніць ваду.

Пачула і Жывая Вада, што робіцца над ёю. Сабрала яна ўсе сілы свае і ўскалыхнула гару, як купіну. Тут яе падхапіла дажджэвая рэка. Страшны шум пашоў па «Мёртвым полю».

Усё жывое дрыжало ад страху і чакало пагібелі. Але пагібла адна гара. Пяском і дымам развеялася яна па полю.

Гневалася неба, бушэвала вада, трэслася зямля. Ліліся рэчкі па кожнай разоры і зліваліля з Жывою Вадою.

Прайшоў страшны момэнт, і стала спакойна. Вада ўся злілася ў старое дно Жывой Вады. І жыцьцё, стрыманае праз доўгі час гарою, ізноў пашло сваею дарогаю, і ажыло «Мёртвае Поле»…