Юрыя Адверніка Маргаре, каталічцы па веравызнанню. Гэта адбылося паміж 1525-1529 гг. К 1530 г., як відаць з пісьмаў прускага герцага Альбрэхта віленскаму ваяводзе Гаштольду, у яго ўжо былі дзеці. У ліку іх, відаць, быў і Сімеон Рус, які да 1552 г. па тагачасных законах дасягнуў прававога паўналецця. Можна думаць, што ў сувязі з гэтым ён і звярнуўся з хадайніцтвам перад чэшскай каралеўскай канцылярыяй аб зацвярджэнні за ім права спадчыны. Пры гэтым Сімеон быў не толькі наследнікам маёмасці свайго бацькі, але і наследнікам, або, больш дакладна, прадаўжальнікам яго справы у той галіне, якой Скарына прысвяціў апошнія гады свайго жыцця: захаваліся ўказанні, што Смеон служыў садоунікам у Індржыхаве Градцы і ў той жа час займаўся медыцынскай практыкай. Указанні гэтыя адносяцца да 80-х гадоў XVІ ст., калі ён ужо быў пажылым чалавекам, атрымаўшым звальненне са службы і пенсіён у Добрэ Водзе ля Капліцы[1].
Сімеон Рус ― не адзіны сын Скарыны. З чэшскіх крыніц можна зрабіць вывад, што другі яго сын згарэў у час пражскага пажару 1541 г. Праз некалькі дзён пасля гэтага пажару, які нанёс велізарныя разбурэнні ў Градзе Пражскім і на Малой Старане, вядомы чэшскі храніст В. Гайек даў падрабязнае апісанне яго. У паведамляемым ім пераліку асоб, якія загінулі ў агні пажару, назван і нейкі «хлопчык Францішак, сын калісьці жыўшага тут доктара Руса» (pachalátka Frantіssek, syn nіekdy Doctora Rusa). Хлопчык згарэў «у доме свяшчэнніка Яна з Пухава» — чалавека, які займаў віднае месца ў гісторыі чэшскага культурнага жыцця сярэдзіны XVІ ст.[2]
Бадай ці можна сумнявацца, што ўпамінаемы Гайекам доктар Рус, бацька загінуўшага хлопчыка, ёсць той жа самы доктар Рус, аб якім гаворыць і акт ад 29 студзеня 1552 г., з дабаўленнем да гэтага ўказання імя і прозвішча: Францішак Скорын з Полацка. Сапраўды, калі людзі з мянушкай «Рус» маглі не быць выключэннем у Празе ў першай палавіне XVІ ст., хоць дзейнасць некаторых рускіх людзей тут адзначана толькі ў другой палавіне ХVІ ст., то зусім інакш абстаіць справа