Пражскі перыяд дзейнасці Скарыны сведчыць аб даунейшых культурных сувязях паміж усходнімі і заходнімі славянамі, аб іх узаемаразуменні і цягаценні адзін да другога. Паводле сцвярджэння А. В. Флароўскага, сувязь Скарыны з Чэхіяй «ёсць выключнай важнасці момант у гісторыі руска-чэшскіх узаемаадносін у галіне культуры, асветы і пісьменнасці»[1].
Пасля 1519 г. (паводле меркавання П. В. Уладзімірава, у 1520 г.) Скарына пераязджае з Прагі ў «столечное место» Вільна, дзе адкрывае друкарню у доме віленскага бургамістра Якуба Бабіча (згодна з мясцовай традыцыяй, гэты дом знаходзіўся недалёка ад гарадской ратушы, цяпер у раёне вуліцы М. Горкага). У 1525 г. Скарына выдае «Апостол» і прыкладна ў гэты ж час (згодна сцвярджэнню Ст. Естрэйхера, у 1526-1527 гг.[2]) «Малую подорожную книжицу». У склад апошняй уваходзілі: 1) «Псалтирь зупольная» з прадмовай да яе[3]; 2) «Часословец имея нощную и дневну службу по уставу ерусалимское церкви и прочих восточных обителей»; 3) «Акафисты (с канонами) на всу неделю»; 4) «Шестодневец краткий на всу неделю поченши от субботы, по обычаю всех восточных церквии»; 5) «Последование церковного собрания вселетнаго от месяца септевриа до месяца августа по вставну ерусалимское церкви».
Пятая частка — самая цікавая з усёй «Малой подорожной книжицы». У ёй выдавец паведамляе падрабязныя каляндарныя звесткі, якія адпавядалі ўзроўню станоўчых ведаў таго часу.
У сувязі з выданымі Скарынаю у Вільна кнігамі, разлічанымі на праваслаўных, нельга прайсці міма аднаго вельмі важнага паведамлення польскага караля Сігізмунда Аўгуста, якое, магчыма, датычыць Скарыны. Гутарка ідзе аб тэксце інструкцыі караля польскім паслам у Рыме ад 1552 г., з якой вядома, што ў час праўлення Сігізмунда І, г. зн. у перыяд з 1506 па 1548 г., адзін з падданых караля зрабіў паездку у Маскву, каб арганізаваць там выданне кніг на рускай мове. Але гэтае яго
- ↑ Sbornіk fіlologіcký, v. ІІІ, sv. XІІ, v Praze, 1940-1946, стap. 208.
- ↑ St. Estreіcher. Bіblіografіa Polska, T. XXVІІІ, Kraków, 1930, стар. 190.
- ↑ Паводле слоў філарэта, гэтая "Псалтирь" уяўляла сабой "первый печатный опыт следованной Псалтири" (гл. Ученые записки втор. отд. император Акад. наук, кн. 3, Спб, 1856, стар. 130).