Раз'яднанне Русі і захоп Беларусі Польшчай, як сцвярджаецца далей, адбылося ў выніку здрады беларускіх феадалаў сваім нацыянальным інтарэсам:
Ой, ляхи б не прышлы,
Щоб паны их не свелы,
Ой, паны, щобы пропалы,
що ляхам нас запродалы;
Ой, паны, щоб вы згинулы
Що вы веру покинулы[1].
У канцы верша выказваецца жаданне і надзея на вызваленне беларускага народа ад іншаземнага заняволення. Вызваліцелямі выступаюць рускія — «наши сродные, веры одныя»[2].
У другім вершы, запісаным у былой Гродзенскай губерні[3], перадаецца размова паміж маці і сынам. Маці выпраўляе сына то да татар, то да туркаў, то да паля кау. Сын адказвае мацеры, што яго там ведаюць і баяцца і што ён туды не пойдзе. Калі ж яму маці прапануе ісці да рускіх, то сын ахвотна згаджаецца, бо, паводле яго слоў, рускія ўжо даўно чакаюць яго. З рускімі, гаворыць ён, мы і будзем жыць і разам ваяваць супраць туркаў і іншых ворагаў.
Вусная творчасць беларускага народа была цесна звязана і ідэйна і мастацкі з фальклорам рускага і ўкраінскага народаў. Некаторыя беларускія песні не толькі па назве, але літаральна слова ў слова падобныя на адпаведныя рускія і ўкраінскія песні. Даследчыкі пры гэтым адзначаюць уплыў на вусную творчасць беларускага народа рускага багатырскага эпасу. Былінныя матывы сустракаюцца ў беларускіх калядных, валачобных і гутарковых песнях. Самымі любімымі героямі беларускіх песень і казак з'яўляюцца Ілья Мурамец, Дабрыня Нікіціч, Алёша Паповіч, Васька Буслаевіч, кіеўскі князь Уладзімір, доблесныя рускія князі Дзімітрый Данскі і Аляксандр Неўскі. Ворагамі, з якімі ім даводзіцца біцца, выступаюць «нечестивые татары», Салавей-разбойнік, Бабаяга, Змяішча-гарынішча.
Аб пашырэнні рускіх былін у Беларусі захаваўся рад сведчанняў. Так, у заходнерускай Чэцьі 1489 г., пісанай