ім народных мас — творцаў гісторыі. Асабліва гэтую заўвагу трэба аднесці да яго ўяўленняў аб «роўнай свабодзе» і «агульнасці маёмасцей», уяўленняў, якія не маюць пад сабой рэальнай асновы і абмежаваны надзвычай вузкімі рамкамі сярэдневяковай ідэалогіі. Гэтыя ненавуковыя, фантастычныя, адарваныя ад рэчаіснасці ўяўленні павінны былі «пры першай жа спробе практычнага прымянення зноў аказацца ў вузкіх межах, якія адны толькі і былі магчымы ва ўмовах таго часу»[1].
Станоўчая праграма наогул была заўсёды слабай рысай усіх апазіцыйных вучэнняў сярэдневякоўя[2], бо тэарэтычнай асновай яе з'яўляліся туманныя і блытаныя афарызмы «прарокаў», «апосталаў» і «евангелістаў». І хоць у біблейска-евангельскія формулы ўкладваўся зямны, часам нават рэвалюцыйны змест, аднак у канчатковым выніку ўсё зводзілася да «хіліастычных летуценняў ранняга хрысціянства». Вобраз Ісуса Хрыста выступаў як вобраз збавіцеля ад гнёту і пакут, якому прыпісвалася стварэнне «тысячагадовага царства божыя на зямлі», заснаванага на агульнасці маёмасцей, свабодзе, брацтве і ўсеагульнай роўнасці.
Ніхто, аднак, з сярэдневяковых ерэтыкаў не ўяўляў сабе тое, чым жа ў сапраўднасці з'яўляецца гэтая ўсеагульная роўнасць. У аснове ідэалаў, уяўленняў аб будучым грамадстве ляжала раннехрысціянская ідэя роўнасці, якая не была усвядомленым выяўленнем «рэальнай грамадскай групы» і ставілася «як прынцып адмоўнай роўнасці ўсіх людзей перад богам». Вось што аб гэтым пісаў Ф. Энгельс: «Хрысціянства ведала толькі адну роўнасць для ўсіх людзей, а іменна — роўнасць першароднага граха, што цалкам адпавядала яго характару рэлігіі рабоў і прыгнечаных. Побач з гэтым яно, у лепшым выпадку, прызнавала яшчэ роўнасць выбраных, якая выстаўлялася, аднак, толькі ў самы пачатковы перыяд хрысціянства. Сляды агульнасці маёмасці, якія таксама сустракаюцца на першапачатковай стаді новай рэлігіі, тлумачацца хутчэй згуртаванасцю людзей, якія падвяргаліся ганенням, чым сапраўднымі ўяўленнямі аб роўнасці»[3].