Гэта старонка не была вычытаная
Зямля-ж пачарнела, як сажа,
Штось тоіць ад іх.
Зямелька сама ім не скажа
Аб сховах сваіх.
Жанчыны крыху пастаялі,
Зірнулі пад зруб,
Сатлелыя поркаюць палі,
Абвуглены слуп.
Глядзяць на іх людзі ды самі
Ідуць у двары,
Дзе ўчора шугалі агнямі,
Гулі пажары.
І раптам як крыкнуць жанчыны,
Як войкнуць яны!
Раскрылі прад імі руіны
Малюнак страшны.
Пад комам сатлелай саломы
Ляжыць ён бядак,
Апалены і нерухомы
Падлетак-юнак.
У чорным асмаленым целе
Пад прахам руін
Пазнаць мацяркі не хацелі-б,
Што гэта — іх сын.
Адзін толькі тулаў сірочы
Без ног і без рук,
І выцеклі слёзы і вочы
У горане рук.