Старонка:Abuchovic Algierd.Tvory.djvu/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВАЎКАЛАК

Чараўніца уракла -
Быў я колісь ваўкалакам,
Бегаў чортам ўздоўж сяла,
І к гавядам поўзаў ракам,
І людскую знаў гаворку,
І з сабакамі з надворку
Гаварыць я спосаб меў.
За гумном раз ціха сеў,
Ажно Лыска прыляцеў, -
Як на панскай службе стаў,
Па прыязні ён мне кажа:
- Кінь ты, куме, жытло ўража:
Цяпер марна прападаеш.
А ты ж гэткі спосаб знаеш:
Майму пану стань служыць,
Табе добра будзе жыць.
- Ах ты, дурню, - думаў я. -
Мне вярнуцца да сяла?
З сваім панам і сялом
Задушыся ты калом!
Хоць галодзен - я свабодзен,
Гдзе мне цягне - там бягу.
На свабодзе прападу,
А ў няволю - не пайду!
Буду вольным ваўкалакам,
Ты ж - на прывязі сабакам!