Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тым ня менш мясцовая расійская ўлада заварушылася, лічачы нават і гэтую „асьветную" працу польскіх паноў на Беларусі небясьпечнаю. Цікава, што міністэрства ўнутраных спраў у Пецярбургу глядзела на справу іначай. У цэнтры лічылі, што асьветная праца беларускіх паноў сярод сялянства ня толькі бясьпечна, але нават пажадана. У офіцыяльным часопісу міністэрства „Северная Почта“ быў зьмешчаны спэцыяльны артыкул, у якім вельмі хвалілі культурніцкую дзейнасьць сярод беларускага сялянства некаторых паняй і паненак у Дзісенскім павеце Віленшчыны. Дзейнасьць беларускіх паноў разглядалася, як добры прыклад для ўсіх памешчыкаў ня толькі на Беларусі, але і ў Расіі. Гэты рознабой у лініі цэнтральнай і мясцовай улады даваў магчымасьць белым на Беларусі і надалей бесьперашкодна займацца навесцы культурніцкай працай, якая, аднак, ніякага значэньня для ўцягненьня ў рух сялянства ня мела.

Такі самы рознабой паміж мясцовай і цэнтральнай уладай мы назіраем і ў другім пытаньні. Панства на Беларусі, бачачы варожыя адносіны да сябе мясцовага сялянства, пачало выпісваць да сябе з Пазнані і Галіцыі польскую беднату і абсаджваць яе на сваіх землях, каб мець паслухмяныя і танныя рабочыя рукі. Мясцовая ўлада ў асобе генэрал-губэрнатара Назімава лічыла гэтую выпіску небясьпечнаю зьяваю, аб чым былі накіраваны адпаведныя рапарты ў Пецярбург, у міністэрства ўнутраных спраў. У адказ на рапарты з Пецярбургу прышоў дазвол у пачатку 1862 году на выпіску беднаты з-за межаў і на колёнізацыю яе на панскіх землях. Колёнізацыя пайшла ўзмоцненым тэмпам. Становішча гэтых колёністаў было вельмі цяжкае. Яны пападалі ў поўную экономічную залежнасьць ад земляўласьніка. Апроч таго, мясцовае сялянста адносілася вельмі воража да іх, лічачы іх прыхільнікамі пана, тым больш, што колёністы належалі да аднэй з панамі народнасьці і рэлігіі. У часы паўстаньня прыбылая з-за межаў польская бедната ў сваёй большасьці прыняла ў паўстаньні чынны ўдзел.

Што датычыць чырвоных на Беларусі, дык сярод іх прымячаецца праца па замацаваньню організацыі і па падрыхтоўцы ўзброенай сілы для паўстаньня. Амаль што адначасна з Дамброўскім, вясною 1862 году, у Варшаву прыехаў адзін з выдатных членаў Пецярбурскага польскага вайсковага гуртка Фэрдынанд Вараскі. Ён меў даручэньне па дарозе з Пецярбургу ў Варшаву азнаёміцца з тым, што робіцца ў організацыях на Беларусі і ўстанавіць паміж ёю і Варшаваю сувязь. Гэтае даручэньне Вараскі даволі ўдала выканаў. У Вільні ён прасядзеў цэлы тыдзень. Тут яму ўдалося пабачыцца і мець размову як з прадстаўніком чырвоных колаў Людвікам Зьвярждоўскім, так і з прадстаўніком белых колаў Францішкам Далеўскім. Пасьля размовы з Зьвярджоўскім Вараскі даведаўся, што такая-сякая падрыхтоўка да паўстаньня ў Віленскай губэрні пасоўваецца наперад. Па-