Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лічыў непараўнана прыемней і зручней морскае стыхіі.

Ён так уважліва і, здавалася, глыбока, ня міргнуўшы вокам, слухаў адміральшу, стоячы на выцяжцы, з рукамі па швох, ля дзьвярэй сталовай, у якой адбывалася гэта духоўнае навучаньне, што адміральша амаль не сумнявалася ў Ісайкавым збавеньні і, дабрасхільна ўставіўшы на яго некалі прыгожыя вочы і ўстрахнуўшы лёгкім рухам галавы пару сівых завітак, што аздаблялі паблеклыя шчокі, не без некаторай урачыстасьці прамовіла:

— Ты, вядома, хочаш быць хрысьціянінам, Ісайка? А я буду тваёй хроснай маткаю! — дадала яна і літасьціва ўхмыльнулася.

Сам разумеючы і ўмеючы цаніць тонкія звароты і наогул па натуры вельмі мяккі чалавек, Ісайка заклікаў на дапамогу ўсё сваё дыплёматычнае ўмельства і ўсю сілу сваёй вёрткасьці, каб не абразіць адміральшу і не ўзварушыць яе незадаваленьня якім-небудзь непаважным адмаўленьнем ад яе гэткай шчырай прапановы. Ды, прызнацца, к таму і спалохаўся, каб ня вышла для яго якой-небудзь сур’ёзнай няпрыемнасьці. Ці мала што ўздумае начальства? Пры аднэй гэтай думцы ў Ісайкі апала сэрца.

І ён пачаў з таго, што некалькі разоў нізка і шчыра кланяўся і дзякаваў, што такая шаноўная пані зьвярнула на нявартага нічога Ісайку сваю дабрадзейную ўвагу. Ці думаў ён чакаць гэткай пашаны?