Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала (Станкевіч).pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У часе ад 1910 г. да 1913 вышлі ў сьвет высокай вартасьці зьместам і формай гэткія творы:

"Адвечная песьня" (выд. 1910) — драматычная паэма ў 12-х праявах, дзе пясьняр малюе ўсё жыцьцё беларуса ад нараджэньня да сьмерці;

"Сон на кургане" (1913 г.)- драматычная паэма ў 4-х абразох, у якой, праўда, спатыкаем тыя ж нацыянальныя і соцыяльныя матывы, што і ў творах папярэдніх, але затое ўсё гэта выказана ў большым парадку, глыбей, ямчэй і з вялікім артызмам;

"Паўлінка" (1913 г.) - драматычная сцэна з шляхоцкага жыцьця ў двух актах;

"Раскіданае гняздо" — драма у 5-х актах з сялянскага жыцьця, напісаная ў 1913 г., выданая ў 1919, у якой сымбалічна прадстаўляе пясьняр раскіданую Беларусь.

Урэшце да гэтага самага часу належа зборнік вершаў (1910-1913) „Шляхам жыцьця", у якім Я. Купала, ужо як волат слова і думкі, у высока мастацкай форме кліча народ да нацыянальнага адраджэньня, яркімі фарбамі малюе абраз сьведамага самастойнага жыцьця народу, выказвае любоў да яго мінуўшчыны, разам з народам плача і весяліцца, гнеўна, поўны абурэньня, выступае проціў ворагаў народу. Словам, у творчасьці за гэты час, асабліва ў зборніку, Шляхам жыцьця"; Купала ўжо, вобак з другім нашым найвялікшым паэтам, Якубам Коласам, — вялікі мастак — ідэолёг беларускага адраджэньня, павадыр і прарок народу.

Час сусьветнай вайны і расейскай рэвалюцыі, калі хваля жыцьцёвая кідала песьняра з аднаго месца ў другое, рэч зразумелая, ня быў спрыяючым творству паэта. Дык і ня дзіва, што за гэты час, калі ня лічыць нямногіх вершаў Купалы ў тагочасных беларускіх часопісях, з пад пяра яго нічога выдатнейшага ня вышла.

Толькі аж 1922 г. у Менску вышаў зборнік вершаў "Спадчына" (за час ад 1913 г.), які, як ужо відаць з самай назовы, ёсьць спадчынай мінулых гадоў творства Купалы, спадчынай матываў, думак і ідэолёгіі, так ярка і буйна ўжо выяўленай у зборніку „Шляхам жыцьця".

Урэшце, у 1924 г. у тым-жа Менску, выходзе апошні зборнік вершаў Я. Купалы, так-жа пад характэрным назовам: "Безназоўнае", у якім, апрача старых матываў народна-адраджэнскіх, спатыкаем так-жа матывы на лад новы, бальшавіцкі. У гэтых новых матывах адчуваецца ўжо думка быццам аб найвышэйшым асягненьні беларускага народу пад уладай камуністых, аб яго быццам поўнай самастойнасьці. Аднак матывы гэтыя затушаваныя беларускімі народнымі матывамі.