Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/253

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бульба, як арэхі,
Па тры пад карчом,
Боб, гарох, капусту,
Збэрсала сьвінчо.

*

Возіць з поля, возіць,
Што ня згноіў дождж, —
Не зьбярэ ўмалоту —
Каласы, як хвошч.

Малацьба надыйдзе,
Бо патрэбен хлеб,
Нашто малатарня,
Балазе ё цэп.

Таксама на арфу
Ня прышла пара, —
Веелкай навее
Кубялок дабра.

Млын хоць недалёка —
Ня прывык яшчэ:
Зьмеле ў жорнах жыта,
Ў ступе круп стаўчэ.

*

Сядзе есьці, сядзе
За кульгавы стол,
Траяногі зэдаль
Чуць ня рыне у дол.

Груца ды зацірка,
Цэд, цура, кісель,
Мілта, саладуха —
Амаль стравы ўсе.

Ані тэй закрасы,
Ані скваркі тэй,
Бульба з мундзірамі,
Хлеб нібы з пасей,