Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/227

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВОСЕНЬ

Села пад пушчаю Восень,
Вочы ўтаропіўшы ўдаль;
Жаль ёй павяўшых дакосін,
Сьпетых дажынак ёй жаль.

Пацеры шчыра шапоча,
Нудную шэпча мальбу;
Творыць паціху уночы
Сьвету сваю варажбу.

Склікала вецер і хмары,
Кожнаму дзела дала:
Вецер завыў на папары,
З хмары павісла імгла.

Вецер, убраўшыся ў сілы,
Лесам, як вехцем, трасе,
Крыж вырывае з магілы,
Круціць салому ў страсе.

Хмара, упіўшыся морам,
Хвошча і хвошча дажджом,
Плача нязьмераным горам,
Жаліць душу, як нажом.

Вецер і хмара да хаты
Просяцца, лезуць смалой:
Вецер дзьме ў комін заўзята,
Хмара льле ў вокны залой.

Ў шчылінах сьвіст ня сьціхае.
Мусіць, варожыць, кляне,
Як-бы жывы хто ўздыхае
Ў сьлёзнай паўяве, паўсьне.