Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/223

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КРЫМ

1

О, Крым, нязьведаная казка
Жыцьця мінулага вякоў,
Адным якія былі ласкай,
Для іншых — скрыгатам акоў!

У шумным пробегу сталецьцяў
Нішто цябе, Крым, не згняло, —
Таксама цягнуць рыбу сеці,
Таксама птушка мкне ў сіло.

Адвечным ладам шуміць мора,
А з ім — магнолія, платан…
Аб чым яны з сабой гавораць, —
Спытайся ночку ды туман!

2

На узьбярэжжы Крымскіх вод
У неба сінь глядзіць Ай-Петры, —
Над ёй аблокаў карагод,
Пад ёй прапасьцістыя нетры.

Глядзіць Ай-Петры ў дол з вышын —
На белы хаты, на палацы,
На стужкі каменных пуцін —
Плады нявольніцкае працы.

А я — з далёкіх ніў пясьняр —
Па Гаспры з куту ў кут снуюся,
Гняце мне думкі Крыму чар,
Маркотна мне без Беларусі.