Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКІЯ СЫНЫ

Па беларускім бітым шляху,
Б‘ючы ў кайданавы званы,
Брыдзе чужынец, а з ім побач
Хто?
— Беларускія сыны!

У беларускім вольным краі,
З ярэмнай збрыўшы стараны,
Царыць чужынец, а ў паслугах
Хто?
— Беларускія сыны!

Над беларускай беднай хатай,
Як полка вырвана з труны,
Вісіць чужы сьцяг, а трымае
Хто?
— Беларускія сыны!

У Беларусі сьпеў чужацкі,
Як над касьцямі груганы,
Крумцяць чужынцы, а іх складам
Хто?
— Беларускія сыны! —

На беларускім буйным полі
З вясны да новае вясны
Растуць крыжы, а пад крыжамі
Хто?
— Беларускія сыны!

1919 г.