Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Людзі… Што-ж? хто не калекам,
Аб іх можна і ня дбаці,
Будзь сам толькі чалавекам,
Будзь… Ей будзь здароў, мой браце!

XI

Мне пара ужо зьбірацца…
Ох, сказаць хацеў дадому…
Мне пара ўжо з хаткі к хатцы
Хлеб ісьці зьбіраць пасвойму.
Гаварыці перад кажнай
Псальмы, пацеры, літаньні,
Абрыдаціся адважна,
Як сабака дзе прыстане.
Мо‘ так выжабрую недзе
Куток ціхі дажыць веку,
Мукі хтось калекі ўгледзе,
Ня дасьць згінуць чалавеку.
Прыдзе зьмена мо‘ на сьвеце,
Ня дасьць бедным бядаваці,
Будзем жыць і жыць хацеці,
І пець весела, мой браце.

XII

Гэтак правіў у карчомцы
Раз убогі, Куксай званы,
Мала меў чаго ў хатомцы
І быў так ня зусім п‘яны
Яго слухалі цікава,
Праўды шмат ад яго чулі.
Кожны бачыў, як крывава
Можа доля справіць гулі.
З дзесяць год таму па дровы
Ехаў неяк я зімою,
Мала грэў і кажух новы,
Трос, як лістам, сівер мною.