Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І вось хвойка грук! І сукам
Нагу крыша, не паўстаці,
Бура глушыць енк мой гукам…
А там далей, эх, мой браце!..

VII

Што было, і сам ня помню,
Год пралежыў у бальніцы,
На сьвет выйшаў, хто-ж уломню
Дасьць і хлеба і вадзіцы.
І паплёўся я з пакорай
Туды, дзе такім дарога,
Дзе адно сабрана гора, —
Ў жабракі пайшоў з трывогай.
Дзіўна вам, што часам з нудаў
Заглядаю у карчомку…
Людзі, людзі! Іншым буду —
Адчапеце мне хатомку.
Вы — шчасьлівы, з доляй яснай —
І то рады пагуляці,
А я-ж, я — жабрак няшчасны…
Эх, ня крыўдзь насьмешкай, браце

VIII

— Глянь во з жалем — я калека,
Аднарукі, аднаногі,
Бяспрытульнасьці апека
Ацямніла ўсе дарогі.
Дум гаротных колькі, колькі!
Хто зьлічыць, апець іх можа?
Каму ўцям чужыя болькі,
Хто бядзе чужой паможа?
Быў здароў, быў дуж і молад,
Ніпачым саха, сякера,
Што там значыў холад, голад,
Крэпка сіла, крэпка вера!