Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СПАДЧЫНА

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеньнія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.

Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;

І тое нуднае ягнят
Бляяньне-зоў на пасьбішчы,
І крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.

І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсьцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб ня збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён ня зьедзены.

Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны сьветыч-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне сьвеціць між вандоламі.

Жыве з ім дум маіх сям‘я
І сьніць з ім сны нязводныя…
Завецца-ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.

19-ІХ—18 г.