Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АБ МУЖЫЦКАЙ ДОЛІ

Ходзяць гутаркі па сьвеце
Летам і зімой,
Ад вашэці да вашэці,
Ходзяць чарадой.
Па балючай, па вячыстай
Б‘юць усё струне:
Абяднеў мужык дачыста;
Аж чуць-чуць дыхне!
Зьвёў сваю нядолю-долю
У казіны рог,
Цёплай хаты, ўдоваль поля
Крыў бяднязе бог.
Скарб адвечны — гаспадарку
Пераеў, прапіў,
Цемнату, бяду на карку
Возіць, як вазіў:
Думкі славы, долі, волі —
Як і ня былі, —
Дрэмлюць недзе ў чыстым полі…
Ўзыйдуць-жа калі?
Трэба злое ўсё растрэсьці,
Сонных разбудзіць,
Трэба новае ўсё ўзьнесьці,
Новы шлях адкрыць.
…Ці што знаюць, ці ня знаюць,
Вось, абы, з бяды!
Так пяюць, так адпяваюць
На усе лады.
Чуе ўсё мужык наш гэта,
Чуе кожны дзень,
Ды ўздыхае з лета ў лета,
Ды снуе як цень.
Ой, ня грэе, хоць і сьвеціць,
Месяц над зямлёй…
Ходзяць гутаркі па сьвеце,
Ходзяць чарадой.
1908 г.