Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЦАРУ НЕБА Й ЗЯМЛІ

За што, о божа праведны, магучы,
Караеш так няшчасны свой народ?
Чаму на стогн маўчыць твой гром бліскучы,
На стогн, што да цябе йдзе з году ў год?

За што над намі даў перамаганьне
Табою створанай бядзе і цьме,
Спладзіўшы быт сірочага кананьня
Сыном і іхнай матцы-старане?

*

Ты пярунамі крышыш горы, скалы,
І пушчам гібелі твой шле пажар,
А нашых крыўд скрышыць, спаліць і хвалай
Зьмяніць ня можаш, сьвету уладар!

Зямлю услаў ты ў моры-акіяны,
Што год разводзьдзем мыеш рэк сваіх, —
Чаму-ж ня змыеш ты цярпеньняў раны
З душы і сэрца верных слуг тваіх?

*

Вачамі сонейка і зор агністых
Агляд ты робіш дзень і ноч міроў,
І толькі сьцежак нашых камяністых
Ня бачыш ты, ўсясільны цар цароў.

Ня бачыш тых магіл, што путы родзяць,
Магіл расьсеяных, як мак, табой,
Скуль цені прадзедаў выходзяць
І ўзносяць рукі ўвысь к табе з мальбой.

*

Ты ў цьвет сваіх нялічаных народаў
Мінуўшчыну і будучыну ўбраў,
А ў нас — караючы чужой свабодай —
Мінулае — і тое адабраў.