Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СЯРОД РАЗЬЮШАНЫХ САТРАПАЎ…

Сярод разьюшаных сатрапаў,
Паганы зладзіўшы хаўрус,
Свае таргуюць і чужыя
Табой, няшчасны беларусе.

Дыхнуць свабоднымі грудзямі
Й зірнуць арліна не дадуць, —
На ўзьлёты дум кладуць аковы,
Як на рабоў сьляпых кладуць.

Здушылі, збэсьцілі ўсё чыста
У чорнай яве, ў зводных снах,
Што ад прыроды шлях свой мела,
Што к сонцу мела вольны шлях.

На зьдзек прадажныя прарокі
І на гніцьцё у царстве цьмы
Вядуць аплучаныя тоўпы
Пад стогны вечныя турмы.

Над пакаленьнем неакрэпшым,
Над бедным краем-сіратой
Груган з начніцаю сьляпою
Банкет спраўляюць чорны свой.

Таўкуцца душы скамянелы,
Крывавы пот цячэ са шчок,
А ўсьлед над імі і за імі
Імчацца гібелі наўскок.

Нідзе ні ладу, ані праўды,
Званы хаўтурныя зьвіняць…
О божа! ты хоць заступіся
Й ня дай да рэшты нам сканаць!

10-VI—14 г.