Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РОДНАЕ СЛОВА

Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты на яве і ў сьне;
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.

Бясьсьмертнае слова, ты, роднае слова!
Ты крыўды, няпраўды змагло;
Хоць гналі цябе, накладалі аковы,
Дый дарма: жывеш, як жыло!

Свабоднае слова, ты, роднае слова!
Зайграй ты сьмялей, весялей!
Хоць гадзіны сыкаюць, кружацца совы,
Жывеш ты на хвалу людзей.

Загнанае слова, ты, роднае слова!
Грымні-ж над радзімай зямлёй:
Што родная мова, хоць бедная мова,
Мілей найбагатшай, чужой!

1908 г.