Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАТЦЫ

Ты гадуй сынка, матуля,
У пялёнкі спавівай,
Калышы, пей люлі-люлі,
Пей паціху баю-бай!

Над калыскай з бегам ночак
Песьні роднай не жалей,
Каб, як вырасьце сыночак,
Верным вечна ён быў ей.

Як навучыцца хадзіці,
Маткі мову разумець,
Ты вучы яго любіці,
Ўсё сваё ў пашане мець.

Бай яму даўнейшы казкі
Аб бацькох сваёй зямлі,
Як жылі бяз чужой ласкі,
Як слугамі ня былі.

Як на веча сход ззывалі
І тварылі свой закон,
Як жылі ды панавалі,
Покі ўпалі у палон.

Як-жа ў розум убярэцца
Твой сынок, як мак у цьвет,
Дужым стане, што, здаецца,
Павярнуў-бы цэлы сьвет, —

Выпраўляй яго у людзі,
На дарогу блаславі,
Разам з крыжам дай на грудзі
Роднай вузельчык зямлі:

Каб ня даўся ў крыўду зьдзекам,
Не забыў сваіх старон,