Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ЗЯЛЁНЫМ САДОЧКУ

Ой, ня раз удваёчку
Пад шырокай вярбой,
У зялёным садочку,
Мы сядзелі з табой.

Друг на дружку глядзелі
Па днях цэлых, даўгіх,
Салаўі песьні пелі,
А мы слухалі іх.

Вецер шумны у поле
Песьні гэтыя нёс,
Нёс у поле, дзе воля,
Дзе няма гора, сьлёз.

І з табой мы кляліся
Дружку друг век любіць,
Хоць-бы людзі ўзяліся
Нашу любасьць згубіць.

Ой, так думкі снавалі
Залацістыя мы,
Покуль нам не сагналі
Беды гэтыя сны.

Цябе выгнала з хаты
Ведзьма-мачыха вон;
Мяне ўзялі ў салдаты,
У чужацкі палон.

Так навек адляцела
Любата ў неспадзеў, —
Ты мяне больш ня стрэла, —
Я цябе больш ня стрэў.

1905 г.