Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАХАВАНЬНЕ

Пахаваў я сярод злому
Ў пушчы песьню аб шчасьці —
Так глыбока, скуль нікому
І ніколі ня украсьці.

А каб хто аб гэтай справе
Не сказаў дрэнным сказам, —
Хаўтуры-памінкі справіў
З пушчай, з ночкаю разам.

Быў і вецер на магіле
На абрадку бядачым,
І русалкі не забылі —
Шчырым плакалі плачам.

А цяпер адно паставіць
Толькі памятку важну,
Каб нябожчыцу праславіць,
Каб праславіць, як княжну.

Хай прыходзіць ка мне тая
Чараўніца-дзяўчына,
Праз якую так спраўляў я
Гэты сховы-ўспаміны,

І з грудзей маіх гарачых
Няхай выдзярэ сэрца,
Ды на трох нажох стаячых
Хай нясе і сьмяецца.

Як паложыць на магіле,
Дзе аб шчасьці сьніць песьня,
Само сэрца ў тэй-жа хвілі
Загарыцца, ускрэсьне.

І гарэці вечна будзе
На тым схове-пасадзе,
І дадуцца дзіву людзі,
Як кахаў я папраўдзе!

13-VII—15 г.