Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЯНА І Я

1. СТРЭЧА

На крыжавых пуцінах з ёй сустрэўся —
Куды ісьці, ня ведала яна,
І я ня ведаў — ў полі я ці ў лесе,
І мне ляжала сьцежка не адна.

Як путнікі заблуканыя ўночы,
Стаялі мы пад труднай ношкай дум;
Адно другому пазіралі ў вочы
І слухам клікалі найменшы шум.

Стаялі мы. Нявіданыя дзівы
Нас абымалі крыльлямі сваймі,
Шапталі мне: вазьмі яе, шчасьлівы!
Шапталі ёй: сабе яго вазьмі!

І рукі злучывалі нам навекі,
Багаслаўленьне далі нам сваё
Ісьці у сьвет праз горы, долы, рэкі,
Ісьці супольна праз усё жыцьцё.

Вясельны гімн, як плачкі, нам запелі
І заракалі крыльлямі зарок —
Над ёй, заручанай, у шлюбнай белі,
І нада мной, ахутаным у мрок.

А каб вас злыя не змаглі заломы!
А каб ня зналі душы вашы ран!
А каб вас не кранулі буры, громы!
А каб к сабе ня звабіў вас курган!

Такія клалі дзівы нам зарокі
Мядовых асалод, квятчаных крас,
І расплыліся, як сон ветру лёгкі,
Нас кінуўшы ў благі ці ў добры час.

І мы пашлі, як тыя цені-мары,
Няспынна ад расы і да расы;
Запаланелі нам бліскучыя пажары,
Закуранелі чорныя лясы.