Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Музычнае водгульле ў песьню лілося,
Зьлівалася з жальбамі скрыўджаных душ.

Шум бору адвечнага казкавым сказам
Нашэптываў смутную повесьць жыцьця
І песьню ў шум-гоман захопліваў разам,
Заснуўшыя думы будзіў з нябыцьця.

А сонца, скрозь сеючы іскры па сьвеце,
Мне песьню іскрыла нябесным сьвятлом,
А вецер, што ў полі рве дзёрны і сеці,
Даў волю і крыльле лунаці арлом.

Каса і сякера, і цэп малацьбітны
Магутную волатаў сілу далі;
Марозы і сьпекі далі гарт нязбытны —
Мне песьню, як звон, як пярун адлілі.

Так іншай нязнаўшы навукі і школы,
Ў пацёмках шукаў і знайшоў божы дар:
Цяпер маймі скарбамі — думы-саколы,
Цяпер беларускай я песьні ўладар.

1919 г.

|}