Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНЯ

Як крыніца, льлецца, рвецца
З сэрца песьня ў сьвет, за сьветы;
Сьветла йскрыцца, рэхам прэцца,
Тутка, тамка, дзе я, дзе ты…

Скрозь гамоніць, звоніць звонка,
З сэрца ў сэрца б‘е, ірдзіцца,
То ўжо ў хаце, то ўжо вонках
Маладзіцца маладзіцай.

Скочыць к сонейку, ўсхахоча,
Пацалуецца лісьліва;
Ясну-месячыку ў вочы
Зіркане тугой тужлівай.

Стрэціць зорку-зараніцу,
Прасьлязіцца з ёй сьлязою
І сплыве ўплаў на зямліцу,
Разаўецца дзермязою.

Ў полі здольна з ветрам разам
Зажартуе, ў танок сходзе,
Згодна з борам важным сказам
Завурчыць аб непагодзе.

Ў лесе лісьцем зашалесьце,
З птушкай птушкай зашчабеча,
Па пуціне кіне весьці
Суму, шчасьця хаце нейчай.

І лунае, так лунае
Гэта песьня па ўсім сьвеце,
Плоту, путаў ані знае
Ад сталецьця да сталецьця!

29-X—18 г.