Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 5.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НА ВУЛІЦЫ

Блудзіў па вуліцы я тэй, дзе сустрачаў яе,
Яе — ня ўцамлю — шчасьце ці сваё няшчасьце…
Час быў такі, калі ўжо першы певень устае,
Злодзей сьмела з ложа выпаўзае красьці.

На небе месяц бледны, як нябожчыкавы твар,
З-над воблакаў сьцікаўся, быццам-бы ён шляху
Свайго ня мог знайсьці паміж расплаканых там хмар,
Ці, каб стуль не зваліцца, блукаўся так з страху.

Паволі горад на сябе ўскладаў аковы сну,
Сьвятло ў вакнох адно ўсьлед за адным канала;
Дзе-не-дзе ржавы ключ пужаў скрыготам цішыну
Ды спозьнена павозка дзіка ляскатала.

У дроце, што паміж слупамі віўся густа ўдоўж,
Як-бы напяты былі там людзкія жылы,
Гудзеў, заводзіў вецер, бы па дроце рэзаў нож;
Як вісельнік, выў, вырваўшыся з-пад магілы.

Здалёку ад чыгункі данасіўся сьвіст-выцьцё,
Ўпіваючыся ў сэрца вытачанай стальлю,
Як-бы з тым сьвістам адлятала шчасьце і жыцьцё,
І гінуў нехта наймілейшы там — за дальлю.

Аб сьцены рэха стукалася ад хадзьбы маей, —
Цагляны мур сачыў за мною бязупыну;
Цень ад ліхтарняў мой ўсё то даўжэй, то карацей
Выцягваўся, дваіўся, то зусім дзесь гінуў.

За крокам крок я й пазіраў ўвакруг, як здань,
На заміраючы да заўтра горад грэшны,
І чуўся я, як здрадай схопленая ў клетку лань, —
Такі бясьсільны, пазабыты, бязуцешны!

Думкай думка джгалам сьвідравала галаву:
Што ёсьць, няма, — судзіў суды і перасуды,